Фэмінітывы: багацьце беларускае мовы

Вітанкі!
21 лютага ў сьвеце сьвяткуюць «міжнародны дзень матчынай мовы» – International Mother Language Day.
Сьвята важнае, бо ўхваляе моўную разнастайнасьць ды прыцягвае ўвагу да тых моў,
якія праз каляніяльны прыгнёт цяпер апынуліся пад пагрозай зьнікненьня.
На жаль, беларуская мова – адна з тых, хто патрабуе гэтай увагі.
Тым не менш, ня гледзячы на тое, што беларуская пад пагрозай зьнікненьня, пакуль – яна жыве, ёй карыстаюцца, і яна зьмяняецца.
Адзін з такіх прыкладаў: уласна беларускія наватворы, ці нэалягізмы.
Напрыклад, добра вядомае аматарам спартовых гульняў слова «фанат»
– па расейскі «болельщик», на беларускую як «хваробшчык» дакладна не перакладаецца.
У 1980-х у нас прапанавалі слова «заўзятар» як вытворнае ад «заўзяты» і яно натуральна замацавалася.
Наватворы неабходныя і для новых зьяў, напрыклад, слова «сеціва» як адпаведнік ангельскаму «інтэрнэту» у нас зьявілася пры канцы 90-х.
Ёсьць і старыя словы, якім мы надалі новы сэнс.
Напрыклад: хапун – міталягічная істота, што выкрадала дзяцей,
сёньня на жаль, зусім не міталягічная зьява, калі выкрадаюць усіх, незалежна ад іх узросту.
Ці стары лацінізм «Аплікацыя» – сёньня гэта праграма на смартфоне.
Чаму аплікацыя, а не, напрыклад, дадатак?
Бо «дадатак», хутчэй за ўсё – няправільны сэмантычны пераклад ангельскага «application», які трапіў да нас з расейскага «приложения».
Тым не менш, спрэчкі вакол «дадатак-аплікацыя» можна пачуць і сёньня.
Але сапраўднай тэмай баталій у сеціве зьяўляюцца іншыя, нібы «новыя» і «не такія ўжо і патрэбныя» словы – фэмінітывы.
Вось толькі, ці на самой справе яны «новыя» і «непатрэбныя»?
[Фэмінітывы]
У Беларусі існуе даволі вялікая гендэрная дыспрапорцыя ў насельніцтве, мы нават уваходзім у топ-10 краінаў сьвету, дзе жанчын больш за мужчын.
Па дадзеных за 2023, сярод усяго насельніцтва на адну жанчыну ў нас прыходзіцца 0,85 мужчыны.
Ці іначай на 1163 беларускі прыпадае толькі 1000 беларусаў.
І ня гледзячы на гэта багата людзей, часьцяком аддаюць перавагу мужчынскім прафэсійным найменьням як «правільным» і для жанчын і для мужчын.
Большасьць настаўніц жанчыны, але ва ўспрыняцьці некаторых людзей яны мусяць заставацца
«настаўнікамі», «выкладчыкамі», ды «пэдагогамі»,
а ня «настаўніцамі», «выкладчыцамі» ды «пэдагогіцамі ці пэдагагінямі».
Але прабачце, калі ў мове ёсьць пазначэньне гендрэру ў сыстэме назоўнікаў, дык чаму ж гэта пазначэньне мусіць быць толькі мужчынскім?
Амаль усё прафэсійныя найменьні, ці назвы пасад маюць яскравую гендэрную афарбоўку.
І часам жыцьцёва неабходна дакладна адзначыць гендар чалавека пра якога мы згадваем.
Калі чалавек кажа, што на выбарах 2020 абіраў «прэзыдэнта», то гэта выклікае значна больш напругі і пытаньняў, за тое, калі б ён абіраў «прэзыдэнтку».
Наяўнасьць фэмінітываў як і маскулінітываў – цалкам натуральная і запатрабаваная ў грамадзтве зьява, здавалася б, пра што тут можна спрачацца?
Але, спрэчкі ёсьць, што праўда, пераважна ў расейскамоўнай інфармацыйнай прасторы.
Многія сьцьвярджаюць, што фемінітывы непатрэбны, бо ня трэба іншы раз падкрэсьліваць род…
Але род усё адно падкрэсьліваюць, толькі мужчынскі.
Некаторым не падабаецца як яны гучаць…
А іншыя наогул, злуюцца і шалеюць, абвінавачваючы апанэнтаў гэтым расейскім словам, што не перакладаецца на беларускую: «повесточка».
Калі вы пагаджайцеся з такімі выказваньнямі пра фэмінітвы, то мушу вас расчараваць.