Ганарыстая варона | Казкі

Беларускія народныя казкі.
Ганарыстая варона.
Раскаркалася неяк увосень адна варона на сметніку:
— Вы сабе як хочаце,— кажа сяброўкам,— а я не магу тут цэлую зіму мерзнуць.
Я не такая дурная варона, як вы!
— А што ж ты думаеш рабіць, разумная?
— пытаюцца сяброўкі.
— Палячу за мора: там, кажуць, зімы не бывае.
— Ну што ж,— паківалі галовамі сяброўкі,
— шчаслівай табе дарогі. А мы ўжо якнебудзь і дома перазімуем.
Сабралася ганарыстая варона і паляцела за мора.
Доўга ляцела ці нядоўга, аж бачыць,
— пад ёю ўжо не вада, а зямля зялёная, зверху цёплае сонейка свеціць.
«Ну,— думае варона,— тут я спынюся».
Апусцілася на высокае дрэва ды пачала выглядаць спажыву: выгаладалася ж нябось за дарогу.
Убачылі варону заморскія птушкі.
— Хто ты? — пытаюцца.— Ніколі мы ў сваіх краях такой птушкі не бачылі.
Можа, ты паўночны салавей?
Ён, кажуць, пяе, як званочак звініць.
— Але, але,— падхапіла варона.
— Я — паўночны салавей.
А сама сабе думае: «Хіба я горш за салаўя спяваю?
Чаму ж толькі яму гонар і павага?»
Зарадаваліся заморскія птушкі.
— Паспявай нам, паўночны салавейка!
— просяць варону.
— А мы паслухаем. Вельмі ж хочацца нам твой голас пачуць.
Задрала варона ўгору сваю дзюбу і заспявала на ўсё горла:
— Кар-кар-р! Кра-кра!
Гэй, гэй! Я — паўночны салавей!
Пераглядваюцца птушкі паміж сабою,
вушы лапкамі затыкаюць.
«А няхай яго з такім салаўём! — шэпчуць.
— ён жа не лепш за звычайную жабу спявае...»
А потым не вытрымалі слухачы, гуртам наляцелі на варону і давай яе дзяўбці, давай таўчы.
Траха не ўсё пер'е выскублі.
— Выбірайся,— крычаць,— прэч са сваімі песнямі! Не хочам мы цябе слухаць.
Вырвалася варона ад няўдзячных слухачоў і паляцела назад дадому.
А тут скора і вясна настала.