Казка пра быка і яго сяброў | Казкі

Беларускія народныя казкі.
Казка пра быка і яго сяброў.
Пасвіўся на лузе бык.
Убачыў ён каля рэчкі туман і напужаўся:
падумаў, што зямля і вада гараць.
«Пабягу я лепш адгэтуль на край свету!» — парашыў бык.
Задраў хвост і пабег.
Сустрэўся яму па дарозе казёл:
— Бык, куды бяжыш?
— На край свету.
— Чаго?
— У нас зямля і вада гараць. Баюся, каб і мне не згарэць.
— Пабягу і я з табою.
— Бяжы.
Бягуць яны, а насустрач ім парсюк:
— Куды бежыце?
— На край свету: у нас зямля і вада гараць!
Баімся, каб і нам не згарэць.
— І я з вамі пабягу.
— Бяжы.
Бягуць яны ўтрох. Сустракае іх гусак:
— Куды бежыце?
— На край свету: у нас зямля і вада гараць! Баімся, каб і нам не згарэць.
— І я з вамі пабягу.
— Бяжы.
Бягуць яны ўчатырох. Сустракае іх певень:
— Куды бежыце?
— На край свету: у нас зямля і вада гараць…
— І я з вамі пабягу.
— Бяжы.
Беглі, беглі, прыбеглі ў лес. А тут і зіма надыходзіць. Бык кажа:
— Ну, хопіць бегчы: зімою зямля не загарыцца.
Давайце будзем хату рабіць ды запасы на зіму рыхтаваць.
Парсюк кажа:
— Мне хаты не трэба: я выкапаю сабе яму, нанашу туды моху на падсцілку, жалудоў на харч ды буду зімаваць. Мне і так цёпла будзе!
Казёл кажа:
— А я карою пракармлюся, у дупле пагрэюся.
— А ты, гусак? — пытаецца бык.
— У мяне пер’е цёплае, я дзюбу ў яго схаваю ды так перазімую.